ПРАВАНСА́ЛЬСКАЯ МО́ВА, аксітанская мова,
адна з раманскіх моў (гала-раманская група). Пашырана на Пд Францыі і ў Альпійскай Італіі. Мае 2 групы дыялектаў: паўн.-аксітанскія (лімузінскі, авернскі, праванса-альпійскі), сярэдне-аксітанскія (лангедокскі, праванскі) і гасконскі дыялект. У фанетыцы — адкрыты тэмбр галосных, захаванне пераднаціскных е і э, дыфтонгаў ai, oi, ou, ue, вымаўленне зычнага за насавым галосным, вял. колькасць слоў з націскам на перадапошнім складзе; у марфалогіі — спецыфічныя асаблівасці ўжывання часу дзеяслова, развітыя флексіі і інш. Літ. мова з 11 ст., з 13 ст. наз. П.м. У 12—13 ст. на П.м. шырока развіта паэзія трубадураў, сфарміравалася агульнаправансальская пісьм.-літ. мова. Пасля далучэння Праванса да Паўн. Францыі ў 13 ст. П.м. распалася на дыялекты. Пісьменства на аснове лац. графікі. Найб. старажытныя помнікі датуюцца 10—11 ст.
т. 12, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)